Ігар Пятровіч Барысаў
Ігар Пятровіч Барысаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 24 мая 1982 (42 гады) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Адукацыя | |
Партыя | |
Член у | |
Род дзейнасці | палітык, журналіст, публіцыст |
Месца працы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ігар Пятровіч Барысаў (нар. 24 мая 1982, Магілёў) — беларускі палітык, рэдактар і журналіст. Магістр палітычных навук. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і рабочых. У 2004 годзе скончыў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (Магілёў), у 2009 годзе — Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс). Мае дыпломы інжынера-электрыка і палітолага. Магістр палітычных навук. Жанаты, мае дзве дачкі. Ведае беларускую, рускую, англійскую і французскую мовы.
У 2004—2006 гадах працаваў на заводзе «Магілёўліфтмаш», у 2009 годзе — у арганізацыі «Служба камплектацыі трубаправодаў — завод палімерных труб». У абодвух выпадках звольнены за палітычную дзейнасць. У 2010—2022 гадах працаваў у прыватных камерцыйных арганізацыях.
У 2018 годзе пераехаў з сям’ёй у Мінск. З 2022 года часова жыве ў Бельгіі.
Палітычная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) уступіў у 2001 годзе. З 3 жніўня 2008 года сябар ЦК БСДП, з 2009 года адказны за партыйную працу ў Магілёўскай вобласці, сябар Прэзідыума БСДП. З 10 кастрычніка 2010 года намеснік старшыні БСДП. З 13 сакавіка 2016 года першы намеснік старшыні БСДП. З 11 сакавіка 2018 года старшыня БСДП.
Быў актывістам незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і членам Беларускай асацыяцыі журналістаў (арганізацыі ліквідаваныя ўладамі ў 2021-22 гадах).
У 2017 г. пасля вяртання з міжнароднай сустрэчы ў Берліне быў затрыманы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Беларускія праваахоўнікі спрабавалі не дапусціць правядзенне мітынгу ў Магілёве супраць дармаедскага Дэкрэта, адным з арганізатараў якога быў Ігар Барысаў.
У 2019 годзе ўваходзіў у склад грамадскай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі па падрыхтоўцы змен у закон «Аб палітычных партыях».
Ініцыятар і адзін з асноўных арганізатараў правядзення святкавання Дня Волі ў Кіеўскім скверы ў 2019 годзе.
Падчас выбарчай кампаніі 2020 г. быў каардынатарам штаба «Праймерыз» па вылучэнні адзінага кандыдата[1] ў прэзідэнты ад дэмакратычнай апазіцыі.
У верасні 2020 г. выступіў з ініцыятывай правядзення круглага стала з удзелам палітычных партый, на якім сабралася 10 з 15 зарэгістраваных палітычных партый. Па выніках круглага стала была прынята рэзалюцыя аб спыненні гвалту, вызваленні ўсіх затрыманых і правядзенні новых прэзідэнцкіх выбараў. Пасля гэтага Міністэрства юстыцыі распачало праверку дзейнасці палітычных партый, што ў выніку прывяло да ліквідацыі 12 з 15 партый у 2022 годзе.
У снежні 2023 года запрошаны на VI Усебеларускі народны сход як госць, аднак пасля кансультацый з аднапартыйцамі ўстрымаўся ад удзелу ў ім.
За сваю палітычную дзейнасць неаднаразова затрымліваўся і прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў. 21 сакавіка 2021 г. напярэдадні Дня Волі (25 сакавіка) быў затрыманы невядомымі ў масках, дастаўлены ў Партызанскі РУУС г. Мінска, а пасля асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля вызвалення заявіў[2] пра ўжыванне адміністрацыяй Акрэсціна супраць палітычных затрыманых хлору.
У 2018 годзе вылучаўся ад БСДП у Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў. У 2019 годзе — у Палату прадстаўнікоў па 106-й Коласаўскай выбарчай акрузе ў Мінску.
Удзельнічаў у міжнародным назіранні за выбарамі ў Грузіі, Літве, Нарвегіі, Швецыі і Украіне.
Журналісцкая і рэдактарская дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Адзін з заснавальнікаў незалежнай рэгіянальнай газеты «НАШ Магілёў» (2006—2017). Выйшла 102 нумары. Галоўны рэдактар газеты «НАШ Магілёў» у 2010—2017 гадах.
У 2014—2016 гадах быў Прэс-сакратаром кампаніі назірання за выбарамі «Права выбару».
Галоўны рэдактар партыйнага часопіса Рабочай групы «Жанчыны БСДП» «Адлюстраванне» (2011—2016). Выйшла 9 нумароў.
Галоўны рэдактар аналітычнага часопіса БСДП «Пазіцыя» (з 2018 года). Аўтар брашур «Беларуская сацыял-дэмакратыя і дыктатура» (2014), «Што такое дэкрэт № 3 і як яго абысці?» (2015), ініцыятар распрацоўкі «Праграмы дзеянняў БСДП» (2017).
Рэгулярна выступаў са сваімі артыкуламі ў газеце «Народная Воля» і сайце naviny.by[3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ В праймериз оппозиции будут участвовать 6 человек. Кто они? . belsat.eu. Праверана 15 лістапада 2023.
- ↑ «Чрезмерная концентрация, ты задыхаешься». Против политзаключенных используют хлор . belsat.eu. Праверана 15 лістапада 2023.
- ↑ Барысаў Ігар Пятровіч(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 ліпеня 2018. Праверана 7 снежня 2020.
- Нарадзіліся 24 мая
- Нарадзіліся ў 1982 годзе
- Нарадзіліся ў Магілёве
- Выпускнікі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта
- Члены Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)
- Члены Беларускай асацыяцыі журналістаў
- Асобы
- Палітыкі паводле алфавіта
- Палітыкі Беларусі
- Журналісты Беларусі
- Публіцысты Беларусі
- Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі