Японская мова
Японская мова | |
---|---|
Саманазва | 日本語 |
Краіны | Японія, ЗША, Бразілія, Гуам, Тайвань, Перу, Аўстралія |
Рэгіёны | Далёкі Усход, Паўднёвая Амерыка, Аўстралія і Акіянія |
Афіцыйны статус |
Японія (дэ-факта) |
Арганізацыя, якая рэгулюе | Афіцыйнага рэгулятара няма (фактычна Агенцтва па культуры пры Міністэрстве адукацыі і культуры) |
Агульная колькасць носьбітаў | 122 млн. |
Рэйтынг | 9[1] |
Статус | у бяспецы[d] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Алтайскія мовы (гіпатэтычна)
|
|
Пісьменнасць | кандзі, кана (катакана, хірагана) |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | япо 870 |
ISO 639-1 | ja |
ISO 639-2 | jpn |
ISO 639-3 | jpn |
WALS | jpn |
Ethnologue | jpn |
Linguasphere | 45-CAA |
ABS ASCL | 72 і 7201 |
IETF | ja |
Glottolog | nucl1643 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Япо́нская мо́ва (саманазва: 日本語, にほんご, にっぽんご, ⓘ[2]) — мова японцаў і фактычна дзяржаўная мова Японіі, са спрэчным сістэматычным становішчам сярод іншых моў. Родная мова для 122 млн чалавек (9-е месца ў свеце), свабодна валодаюць — каля 140 млн чалавек. Пашыраная пераважна ў Японіі, а таксама ў асяроддзі японскіх эмігрантаў.
Першыя пісьмовыя сведчанні існавання японскай мовы датуюцца VIII стагоддзем. Японская мова запісваецца трыма графічнымі сістэмамі — дзвюма складовымі азбукамі кана (хірагана і катакана) і спрошчанымі пасля 1946 года кітайскімі іерогліфамі. Хірагана выкарыстоўваецца для дапісання марфем ва ўласна японскіх ці даўно запазычаных словах, аснова ці нейкая частка якіх запісаная іерогліфамі, альбо для запісу слоў, якія больш не запісваюцца іерогліфамі (пасля рэформы ці з нейкіх іншых прычын). Катакана выкарыстоўваецца да запісу запазычанняў і выклічнікаў. Існуе таксама лацінізаваны алфавіт рамадзі для перадачы японскіх фанем.
Слоўнік японскай мовы налічвае больш за мільён слоў. На японскую лексіку ў значнай ступені паўплывала кітайская мова. Пасля другой сусветнай вайны мае месца актыўнае запазычанне англійскіх слоў.
Нацумэ Сосэкі з'яўляецца адным з аўтараў, якія сфарміравалі сучасную літаратурную японскую мову. У 1946 годзе была праведзена рэформа іерагліфікі ў мэтах яе спрашчэння. Быў таксама складзены спіс найчасцей ужываных іерогліфаў, а іерогліфы, якія ў яго не ўвайшлі, пачалі выкарыстоўваюцца вельмі рэдка. У выніку таго, што ў Кітаі падобная рэформа таксама была асобна праведзена пасля Другой сусветнай вайны, сёння японская іерагліфіка і кітайская іерагліфіка КНР адрозніваюцца, а кітайцы дыяспары ў Паўднёва-Усходняй Азіі і кітайская дзяржава на Тайвані засталіся пры старых варыянтах напісання.
Паводле граматычнага строю, мова аглюцінатыўная з пераважна сінтэтычным выражэннем граматычных значэнняў[3].
На поўдні Японскага архіпелага знаходзіцца пэўная частка ідыёмаў (гл. рукюскія мовы), якія могуць лічыцца як асобнымі ад японскай мовамі, так і яе дыялектамі. З імі японская мова ўтварае сям'ю япона-рукюскіх моў. Сувязі сям'і з'яўляюцца нявызначанымі, аднак існуе гіпотэза аб належнасці япона-рукюскае сям'і да алтайскіх моў. Тым не менш, калі разглядаць рукюскія мовы як дыялекты японскае мовы, японская мова становіцца адзінай, а значыць — мовай-ізалятам (мова, якая не ўваходзіць у якую-небудзь моўную галіну, групу ці сям'ю) або непасрэдна ўваходзіць у алтайскую сям'ю моў (гіпатэтычна).
Дыялекты
[правіць | правіць зыходнік]Дзякуючы геаграфічным асаблівасцям Японіі (мноства ізаляваных астравоў, высокія горныя хрыбты) існуе больш за дзясятак дыялектаў мовы. Яны адрозніваюцца па слоўнікавым запасе, марфалогіі, ужыванні службовых часцін, а ў некаторых выпадках — і па вымаўленні. Сярод распаўсюджаных дыялектаў можна вылучыць кансай-бэн (яп.: 关西弁), тохоку-бэн (яп.: 东北弁) і канто-бэн (яп.: 关东弁), дыялект Токіа і наваколля. Носьбіты розных далёкіх дыялектаў часта не разумеюць адзін аднаго[4], хоць кожны японец ведае літаратурную японскую мову. Найбольшыя моўныя адрозненні існуюць паміж паўднёвымі (астравы Рукю), і паўночнымі раёнамі Японіі. Асноўная тэрыторыя дзеліцца на заходнюю і ўсходнюю групы. На аснове такійскага дыялекту была створана «агульная мова» (яп.: 共通語 кё:цу:го). Стандартызаваны дыялект з 1886 года стаў вывучацца ў навучальных установах. Згладжванне дыялектычных асаблівасцей таксама звязана з актыўным выкарыстаннем агульных дыялектаў у СМІ.
Фанетыка
[правіць | правіць зыходнік]Зычныя
[правіць | правіць зыходнік]Асаблівасцю японскай мовы з'яўляецца тое, што за зычным, як правіла, павінен ісці галосны. Так, словы ў японскай мове не могуць пачынацца збегам зычных, а паміж галоснымі са спалучэнняў зычных могуць стаяць толькі падвоеныя зычныя (гемінаты) і спалучэнні з першым насавым , а ў канцы слова акрамя галосных можа быць толькі насавы зычны[5].
білабілярны | альвеалярны | рэтрафлексны | альвеалярна-палатальны | палатальны | велярны | увулярны | гартанны | |
выбухны | p b | t d | k ɡ | |||||
насавы | m | n | ŋ | ɴ | ||||
аднаўдарны | ɽ | |||||||
фрыкатыўны | ɸ | s z | ɕ ʑ | ç | h | |||
апраксімант | j | ɰ | ||||||
афрыкат | ʦ ʣ | ʨ ʥ |
Галосныя
[правіць | правіць зыходнік]Хірагана | МФА | Заўвагі |
---|---|---|
あ | [a] | Як «а» ў крыніца. |
い | [i] | Як «і» ў мяккі. Пасля галоснай і ў пачатку слова можа вымаўляцца як «і» |
う | [ɯ] | Адсутнічае ў беларускай мове, сярэдні гук паміж «ы» і «у». |
え | [e] | Як «э» ў сэнс. Пасля к, г, м звычайна вымаўляецца як беларускае «е» ў кепскі. |
お | [o] | Як беларускае «о», але не такі доўгі. |
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Рэйтынг моў па колькасці носьбітаў // Этналог (англ.)
- ↑ Транскрыпцыя паводле МФА
- ↑ Японская мова // Беларуская энцыклапедыя: Т. 18. Кн. 1. — С. 294.
- ↑ Алпатов В. М. Японский язык // Языки мира: Монгольские языки. Тунгусо-маньчжурские языки. Японский язык. Корейский язык.. — С. 325. (падраздзел 1.2.1)
- ↑ Алпатов В. М. Японский язык // Лингвистический энциклопедический словарь. 1990. — С. 625.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Алпатов В. М. Японский язык // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: «Советская энциклопедия», 1990. — С. 625—626.
- Японская мова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18 (Кн. 1). — С. 294. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18. Кн. 1).
- Алпатов В. М. Японский язык // Языки мира: Монгольские языки. Тунгусо-маньчжурские языки. Японский язык. Корейский язык.. — М.: Индрик, 1997. — С. 324—360. — ISBN 5-85759-047-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Японская мова
- Японская мова // Этналог (англ.)
- Урокі японскай мовы (руск.)
- Урокі японскай мовы. NHK World (руск.)
- Матэрыялы па японскай мовеАрхівавана 7 жніўня 2012. (англ.)