Лізавета I
Лізавета I | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
англ.: Elizabeth I | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Марыя I Цюдар | ||||||
Пераемнік | Якаў I Сцюарт | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Марыя I Цюдар | ||||||
Пераемнік | Якаў I Сцюарт | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
7 верасня 1533[1]
|
||||||
Смерць |
24 сакавіка (3 красавіка) 1603[1] (69 гадоў)
|
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Цюдары | ||||||
Бацька | Генрых VIII[2][3] | ||||||
Маці | Ганна Балейн[2][3] | ||||||
Веравызнанне | англіканства | ||||||
Аўтограф | |||||||
Манаграма | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Лізаве́та I (англ.: Elizabeth I; 7 верасня 1533, Грынвіцкі палац, цяпер Лондан — 1603, Рычманд) — каралева Англіі і каралева Ірландыі з 17 лістапада 1558 года і да самай смерці, апошняя з дынастыі Цюдараў. Бацька — Генрых VIII, маці — Ганна Балейн. Яе называлі каралева-нявінніца. Час панавання Лізаветы часам называюць «залатым векам Англіі», як у сувязі з росквітам культуры, бо іменна ў яе часы працавалі Уільям Шэкспір, Крыстафер Марла, Фрэнсіс Бэкан і іншыя выдатныя дзеячы, так і з узмацненнем міжнароднага становішча Англіі, дзякуючы разгрому Непераможнай Армады, дзейнасці Фрэнсіса Дрэйка і Уолтэра Рэйлі, стварэннем Ост-Індскай кампаніі.
Некаторыя гісторыкі больш стрыманыя ў сваіх ацэнках. Яны апісваюць Лізавету, як запальчывага, часам нерашучага кіраўніка[4], якой аднак шанцавала ў палітыцы. К канцу праўлення Лізаветы I шэраг эканамічных і ваенных праблем аслабілі яе папулярнасць. Тым не менш, Лізавету апісваюць харызматычным лідарам, у той час калі ўлада парламента была слабай і абмежаванай, і калі манархі ў суседніх краінах сутыкнуліся з унутранымі праблемамі, якія паставілі пад пагрозу іх стальцы. Так было ў выпадку з шатландскай каралевай Марыяй, якая была скінута са стальца ў 1568 годзе і ўрэшце пакарана смерцю ў 1587 годзе. Пасля кароткага валадарання папярэднікаў Лізаветы, 44 гады яе праўлення далі доўгачаканую стабільнасць для каралеўства і паспрыялі фарміраванню пачуцця нацыянальнай самасвядомасці.
Першыя гады
[правіць | правіць зыходнік]Дзяцінства
[правіць | правіць зыходнік]Лізавета нарадзілася ў нядзелю 7 верасня 1533 года ў каралеўскім палацы ў Грынвічы. Яе бацькам быў кароль Генрых VIII, маці — былая фрэйліна Ганна Балейн, з якою кароль ажаніўся па гарачаму каханню. Акрамя таго, Генрых спадзяваўся, што Ганна падорыць яму доўгачаканых сыноў, бо шматгадовы шлюб з Кацярынай Арагонскай не даў Англіі спадчынніка мужчынскага полу, і становішча дынастыі Цюдараў было вельмі нетрывалым. Такім чынам, нараджэнне Лізаветы нікога не ўзрадавала, бо ў каралеўскай сям’і ўжо была дачка, прынцэса Мэры, і з’яўленне яшчэ адной дзяўчынкі выклікала, хутчэй, гнеў і смутак у імпульсіўнага караля.
Аднак урачыстасці з нагоды нараджэння прынцэсы былі на рэдкасць пышнымі. Хрышчэнне дзяўчынкі прайшло ў том жа Грынвічы 10 верасня: імя сваё яна атрымала ў гонар маці Генрыха VIII, Лізаветы Ёркскай. У снежні 1533 года дзяўчынцы вызначылі ў якасці месца жыхарства рэзідэнцыю Гэтфілд-хаус, невялікі палац непадалёк ад Лондана. Бацькі даволі рэдка наведвалі сваю дачку, нягледзячы на тое, што Ганна Балейн адчувала прывязанасць да дачкі. Нельга сказаць, што Генрых быў абыякавы да дзяўчынкі, у яе была толькі адна загана на яго думку — яе пол. А ад каралевы па-ранейшаму чакалі сыноў.
Калі Лізавеце было два гады і восем месяцаў, яна засталася без мацеры: Ганну Балейн пакаралі смерцю па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе. Ганна так і не нарадзіла Генрыху сына і, як даказаў суд, неаднаразова змяняла свайму мужу. Усім з самага пачатку было ясна, што Генрых вырашыў пазбавіцца ад Ганны, і доказы «шматразовых здрад» былі відавочна сфабрыкованымі. Аднак, пакаранне смерцю была здзейснена 19 мая 1536 года. Генрых VIII паспяшаўся ізноў ажаніцца, а Лізавету прызнаў незаконнанароджанай, як некалькі гадоў таму ён прызнаў незаконнанароджанай і прынцэсу Марыю, абодва папярэднія каралеўскія шлюбы цяпер сталі несапраўднымі і не мелі ніякіх юрыдычных наступстваў.
«Дзіўнае» рашэнне прынцэсы
[правіць | правіць зыходнік]У 1537 годзе чарговая каралева Джэйн Сеймур нарадзіла Генрыху сына Эдуарда. Нягледзячы на тое, што Джэйн спрабавала прымірыць караля з яго ні ў чым не павіннымі дочкамі, Лізавета па-ранейшаму заставалася ў Хэтфілд-хаўсе: Генрых не хацеў бачыць дачку «здрадніцы Балейн».
Пасля смерці каралевы Джэйн Генрых ажаніўся яшчэ тры разы. З Аннай Клеўскай ён папросту развёўся, а юную Кейт Говард загадаў пакараць смерцю за здраду. Гібель маладой каралевы патрэсла дзевяцігадовую Лізавету ці ледзь не больш, чым смерць маці. Менавіта ў гэтым узросце ў будучай каралевы сфармавалася ўстойлівае непрыманне шлюбу.
Існуе крыніца, з якой вядома гэта, дзіўнае на першы погляд, рашэнне юнай прынцэсы — яе перапіска з шостай жонкай Генрыха, Кацярынай Пар. У гістарычнай літаратуры можна знайсці і больш «рамантычную» версію. Нібыта Лізавета прызналася свайму сябру дзяцінства — Роберту Дадлі, што ніколі не выйдзе замуж. Для яе любое падпарадкаванне мужчыне з гэтага часу асацыявалася са смерцю. Гэта зацятасць зусім не была яе дзіўным капрызам або, як схільныя лічыць многія раманісты і гісторыкі, следствам яе тайнай фізіялагічнай або псіхічнай недасканаласці.
Юнацтва
[правіць | правіць зыходнік]Лізавета вельмі рана пачала праяўляць свае прыродныя здольнасці — у дзесяцігадовым узросце яна нядрэнна размаўляла на грэчаскай, італьянскай і французскай мовах. Яе латынь была бездакорнай — на гэтай мове прынцэса не толькі чытала творы рымскіх гісторыкаў, але і пісала вялізныя лісты сваёй мачысе — Кацярыне Пар. Нягледзячы на тое, што Лізавета па-ранейшаму лічылася незаконнанароджанай, яе выхаваннем займаліся лепшыя выкладчыкі з Кембрыджа. Гэта былі маладыя вольнадумныя вучоныя, прыхільнікі Рэфармацыі. З цягам часу да Лізаветы далучыўся яе малодшы брат Эдуард. Менавіта ў 1543—1547 гадах у каралеўскім сямействе ўсталявалася адносна спакойная атмасфера — Генрых быў цалкам шчаслівы з Кацярынай Пар, у яго падрастаў прынц-спадчыннік, а яго дочкі, прынамсі вонкава, але змірыліся са сваім становішчам «незаконнанароджаных».
28 студзеня 1547 года Лізавеце, якая знаходзіцца ў Энфілдзе, паведамілі, што яе бацька памёр. У тэстаменце караля гаварылася, што трон ён пакідае сыну Эдуарду. У выпадку смерці Эдуарда ці пры адсутнасці ў яго спадчыннікаў, спадкаемцай на яго пасаду будзе прынцэса Марыя, затым яе дзеці, потым Лізавета і яе дзеці. Гэтай сваёй апошняй праявай манаршай волі Генрых VIII «прызнаў» сваіх дачок і даў ім надзею, калі не на карону Англіі, то на годны шлюб з прынцам любой еўрапейскай краіны.
Мачыха Лізаветы, Кацярына Пар, неўзабаве пасля заканчэння жалобы па каралю выйшла замуж за прыдворнага авантурніка Томаса Сеймура, роднага дзядзьку Эдуарда VI. Аднак Сеймур быў вельмі славалюбівы — яму было мала блізкасці клана Сеймураў да трона, яму хацелася большага. Існуе версія, што Томас Сеймур жадаў з часам ажаніцца на прынцэсе Лізавеце, а пакуль яна была зусім юнай, пачаў да яе заляцацца. Некаторыя крыніцы намякаюць на ўзаемную сімпатыю Лізаветы і Сеймура, аднак сур’ёзных пацверджанняў гэтаму факту няма.
Кацярына Пар, нягледзячы на амаль матчыну любоў да сваёй падчарыцы, усё ж адправіла яе ў Хартфардшыр у маёнтак Чэшант. Там Лізавета працягнула свае заняткі з настаўнікам Роджэрам Эшамам. Гэтага чалавека, надзеленага энцыклапедычнымі ведамі, Лізавета шанавала ўсё жыццё. Томас Сеймур у 1549 годзе, ужо пасля смерці Кацярыны Пар ад радзільнай гарачкі, здзейсніў спробу дзяржаўнага перавароту. У яго гэта не атрымалася і ў канцы студзеня 1549 года каралеўскі дзядзька быў пакараны смерцю. Падазравалі, што і Лізавета мела дачыненне да змовы Сеймура, аднак яна здолела даказаць сваю невінаватасць.
У 1551 годзе Эдуард VI запрасіў да двара Лізавету — брат і сястра заўсёды ставіліся адзін да аднаго з вялікай пяшчотай, таму для Лізаветы было ўдарам, калі 6 ліпеня 1553 года Эдуард памёр. Пасля смерці караля лорд-пратэктар Джон Дадлі ўзвёў на каралеўскі пасад юную Джэйн Грэй — стрыечную ўнучку Генрыха VIII. У краіне пачалася смута. У выніку ўзброенага канфлікту паміж прыхільнікамі Джэйн I і прыхільнікамі прынцэсы Марыі перамаглі апошнія. Лізавета прадбачліва засталася ў Гатфілдзе, бо яе папярэдзіў пра небяспеку лорд Уільям Сесіл, сакратар Савета. У выніку трон заняла заўзятая каталічка Марыя I.
У няміласці сястры
[правіць | правіць зыходнік]У кастрычніку 1553 года Марыя I каранавалася ў Лондане. Каралеве было 37 гадоў, дваццаць з якіх былі для яе гадамі выпрабаванняў. З першых жа дзён панавання Марыя пачала актыўна дзейнічаць: яе галоўнай задачай стала вяртанне Англіі ва ўлонне Каталіцкай царквы, нягледзячы на тое, што ў краіне паспела вырасці цэлае пакаленне, выгадаванае ў новай веры. У краіне пачаліся крывавыя рэпрэсіі ў адносінах да пратэстантаў.
У студзені 1554 года шляхціч Томас Уайт падняў паўстанне пад антыпапскімі лозунгамі. Пасля задушэння гэтага стыхійнага выступу дарадцы параілі Марыі I заключыць Лізавету ў Таўэр, бо малодшая дачка Генрыха, выхаваная ў пратэстанцкай веры, была небяспечная. Да таго ж, на думку каралевы, Лізавета магла быць звязана з Уайтам і яго паслядоўнікамі. Тут жа, у Таўэры, быў заключаны адзін з яе сяброў дзяцінства — Роберт Дадлі. Існуе версія, што маладыя людзі мелі зносіны падчас прагулак ва ўнутраным дворыку Таўэра, і гэтыя зносіны сталі пачаткам іх будучага кахання.
У Англіі тым часам расла незадаволенасць палітыкай каралевы Марыі. Яно стала відавочным пасля таго, як улетку 1554 года ў Лондан прыбыў Філіп Іспанскі — будучы муж Марыі. Напярэдадні свайго вяселля каралева вызваліла сваю сястру з турмы. На рашэнне каралевы паўплывала тое, што Томас Уайт перад пакараннем смерцю пакляўся, што «міледзі Лізавета ніколі не ведала пра змову…».
Аднак, прынцэса не засталася пры двары — яе адправілі ў высылку ў Вудстак у графства Оксфардшыр. У Вудстаку Лізавеце не дазвалялася пісаць лістоў, а кнігі ёй прывозілі толькі па строга зацверджанаму спіску. Разам з тым, Лізавета па-ранейшаму лічылася пераемніцай пасаду, бо шлюб Марыі і Філіпа быў бяздзетным. Лізавету зноў вярнулі ў яе рэзідэнцыю ў Гэтфілд-хаус, і сціплы двор прынцэсы адразу стаў прыцягваць маладых арыстакратаў. Акрамя таго, сам Філіп спрыяў сваёй сваячцы: ён адчуваў да яе значна большую сімпатыю, чым да сваёй хмурнай жонкі. Яму таксама не хацелася псаваць адносіны са спадчынніцай пасаду: Марыя была вельмі нездаровая.
У пачатку лістапада 1558 года каралева Марыя адчула, што ёй засталіся лічаныя дні. Савет настойваў, каб яна афіцыйна прызначыла спадчынніцай сястру, але каралева працівілася: яна ведала, што Лізавета верне ў Англію ненавісны Марыі пратэстантызм. Толькі пад ціскам Філіпа Марыя саступіла патрабаванню сваіх дарадцаў, разумеючы што ў адваротным выпадку краіна можа пагрузіцца ў хаос грамадзянскай вайны. Каралева памерла 17 лістапада 1558 года, застаўшыся ў гісторыі як Марыя Крывавая. Лізавета, атрымаўшы вестку аб смерці сястры сказала: «Гасподзь так вырашыў. Дзіўныя справы яго ў нашых вачах».
Каранаванне
[правіць | правіць зыходнік]Лізавета стала каралевай ва ўзросце 25 гадоў. Напярэдадні цырымоніі каранавання, яе шчыра віталі грамадзяне. 15 студзеня 1559 года Лізавета была каранована і памазана Оўэнам Оглторпам, каталіцкім біскупам Карлайла, у Вэстмінстэрскім абацтве. Затым, сярод аглушальнага шуму дудак, трубы, барабанаў і званоў, яе паказалі людзям на плошчы як дзейную каралеву[5].
Шлюбнае пытанне
[правіць | правіць зыходнік]З самага пачатку панавання Лізаветы чакалася, што яна выйдзе замуж. Яна ніколі не зрабіла выбар суджанага, хоць да яе сваталіся многія, і прычыны гэтага дагэтуль не зусім ясныя.
Роберт Дадлі
[правіць | правіць зыходнік]Увесну 1559 года стала відавочна, што Лізавета была закахана ў свайго сябра дзяцінства Роберта Дадлі[6]. Вядома, што Эмі Робсарт, яго жонка пакутавала ад «хваробы ў адной з яе грудзей», і што каралева хацела б выйсці за Дадлі, калі яго жонка памрэ[6]. Эмі Дадлі памерла ў верасні 1560 года ў выніку падзення з лесвіцы і, нягледзячы на сведчанні каранера, які быў сведкам здарэння, многія людзі падазравалі Дадлі ў забойстве жонкі дзеля таго, каб ажаніцца з каралевай[7]. Лізавета сур’ёзна разглядала пытанне аб шлюбе з Дадлі на працягу некаторага часу. Тым не менш, незадаволенасць пэраў Уільяма Сесіла, Нікаласа Трокмартана і некаторых іншых гэтым магчымым шлюбам стала цалкам відавочнай[8]. Былі нават чуткі, што дваранства падыме паўстанне, калі шлюб адбудзецца[9].
Сярод іншых магчымых кандыдатаў для каралевы Роберт Дадлі разглядаўся як магчымы кандыдат яшчэ амаль дзесяць гадоў[10]. У 1564 годзе Лізавета ўзвысіла Дадлі ў званне пэра, як графа Лестэра. Урэшце ён ажаніўся ў 1578 годзе, што вельмі расчаравала каралеву[11]. Тым не менш, Дадлі заўсёды «заставаўся ў цэнтры эмацыйнага жыцця [Лізаветы]», як апісалі гэту сітуацыю некаторыя гісторыкі[12]. Ён памёр неўзабаве пасля разгрому Армады. Пасля смерці Лізаветы, яго запіска была знойдзена сярод яе асабістых рэчаў, з паметкай «яго апошні ліст», зробленай яе почыркам[13].
Палітычныя аспекты
[правіць | правіць зыходнік]Шлюбыя перамовы ўяўлялі сабой ключавы элемент у знешняй палітыцы Лізаветы[14]. Яна адмовілася ад шлюбнай прапановы іспанскага караля Філіпа II у 1559 годзе, і праводзіла перамовы на працягу некалькіх гадоў, каб выйсці замуж за свайго стрыечнага брата эрцгерцага Карла з Аўстрыі. Да 1569 года адносіны з Габсбургамі пагоршыліся, і Лізавета мела намер зладзіць шлюб з адным з французскіх князёў Валуа, спачатку з Генрыхам, герцагам Анжу, а затым, з 1572 да 1581 года, яго братам Франсуа, герцагам Анжу, былым герцагам Алансона[15]. Гэтая апошняя прапанова было звязана з запланаваным саюзам супраць іспанцаў, якія кантралявалі Паўднёвыя Нідэрланды[16]. Апошняя прапанова была даволі сур’ёзнай на нейкі час, Лізавета нават насіла завушніцы, якія паслаў ёй Франсуа ў якасці падарунка[17].
У 1563 годзе Лізавета сказала імперскаму пасланніку, што згодна з яе характарам, яна хутчэй за ўсё застанецца самотнай жабрачкай, чым каралевай і замужніцай[14]. Пазней у гэтым годзе, пасля хваробы Лізаветы на воспу, пытанне пераемнасці сур’ёзна паўстала ў парламенце. Лорды заклікалі каралеву выйсці замуж або прызначыць спадчынніка, каб прадухіліць грамадзянскую вайну пасля яе смерці. Аднак Лізавета адмовілася зрабіць што-небудзь. У красавіку яна прыпыніла дзейнасць парламента, пакуль не атрымала неабходнай падтрымкі на павышэнне падаткаў у 1566 годзе.
Да 1570 года, высокапастаўленыя фігуры ва ўрадзе, былі вымушаны прызнаць, што Лізавета ніколі не выйдзе замуж і не назаве імя пераемніка. З-за яе адмовы ад заключэння шлюбу, Лізавету часцяком абвінавачваюць у безадказнасці[18]. Аднак гэтыя сітуацыя ўмацавала яе палітычную бяспеку, бо яна ведала, што калі яна прызначыць спадчынніка, гэта можа стварыць для яе стальца пагрозу перавароту[19]. Незамужні статус Лізаветы натхніў да стварэння культу некранутасці. У паэзіі і партрэтным жывапісе, яе адлюстроўвалі як нявінніцу ці багіню, а не як звычайную жанчыну.
Першы вопыт вядзення вайны
[правіць | правіць зыходнік]У маі 1559 года ў суседняй Шатландыі пачалося паўстанне пратэстантаў супраць каралевы-рэгентшы Марыі дэ Гіз — францужанкі, маці Марыі Сцюарт. Падтрымаць пратэстантаў Шатландыі раіў Лізавеце Сесіл, але яна адмовілася ад гэтага кроку, разумеючы, што падобнае ўмяшанне можа справакаваць узброены канфлікт з Францыяй, якая напоўніла Шатландыю сваімі войскамі. Ужо тады, у самым пачатку кіравання, каралева выпрацавала сваю, вельмі асцярожную, знешнюю палітыку.
Лізавета аказала шатландскім пратэстантам матэрыяльную падтрымку. Грошы былі вывезены таемна, і ніхто не мог абвінаваціць каралеву ў саўдзельніцтве.
Аднак у 1560 годзе Тайны Савет вымусіў Лізавету пачаць інтэрвенцыю. Шатландскія пратэстанты пры падтрымцы англійскіх войскаў разграмілі прыхільнікаў Марыі дэ Гіз, і 6 ліпеня 1560 года ў Эдынбургу быў падпісаны дагавор, які замацаваў гэту перамогу. Англія і Францыя вывелі свае войскі з Шатландыі.
Марыя дэ Гіз к гэтаму часу памерла, і ўлада пераходзіла да рэгенцкага савета шатландскіх лордаў-пратэстантаў. Марыі Сцюарт (на той момант жонцы Францыска II) было прапанована назаўсёды адмовіцца ад уключэння ў свой герб герба Англіі, інакш кажучы, ніколі не прад’яўляць прэтэнзій на англійскую карону. Аднак Марыя не ратыфікавала Эдынбургскі дагавор. Менавіта з гэтага моманту пачалася шматгадовая варожасць дзвюх каралеў.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б A Historical Dictionary of British Women — 2 — Routledge, 2003. — P. 153. — ISBN 978-1-85743-228-2
- ↑ а б Blain V., Grundy I., Clements P. The Feminist Companion to Literature in English: Women Writers from the Middle Ages to the Present — 1990. — P. 335.
- ↑ а б Kindred Britain
- ↑ Somerset 2003, p. 729.
- ↑ Neale 1954, p. 70.
- ↑ а б Wilson 1981, p. 95.
- ↑ Somerset 2003, p. 166—167.
- ↑ Wilson 1981, p. 126—128.
- ↑ Doran 1996, p. 45.
- ↑ Doran 1996, p. 212.
- ↑ Jenkins 2002, p. 245, 247.
- ↑ Doran 2003, p. 61.
- ↑ Wilson 1981, p. 303.
- ↑ а б Haigh 2000, p. 17.
- ↑ Loades 2003, p. 53–54.
- ↑ Loades 2003, p. 54.
- ↑ Somerset 2003, p. 408.
- ↑ Haigh 2000, p. 20—21.
- ↑ Haigh 2000, p. 22—23.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Хейг К. Елизавета I Английская. Ростов-на-Дону, 1997.
- Neale, J. E. Queen Elizabeth I: A Biography (reprint ed.). — London: Jonathan Cape, 1954 [1934].
- Wilson, Derek. Sweet Robin: A Biography of Robert Dudley Earl of Leicester 1533–1588. — London: Hamish Hamilton, 1981. — ISBN 978-0-241-10149-0.
- Doran, Susan. Monarchy and Matrimony: The Courtships of Elizabeth I. — London: Routledge, 1996. — ISBN 978-0-415-11969-6.
- Doran, Susan. Queen Elizabeth I. — London: British Library, 2003. — ISBN 978-0-7123-4802-7.
- Skidmore, Chris. Death and the Virgin: Elizabeth, Dudley and the Mysterious Fate of Amy Robsart. — London: Weidenfeld & Nicolson, 2010. — ISBN 978-0-297-84650-5.
- Somerset, Anne. Elizabeth I. (1st Anchor Books ed.). — London: Anchor Books, 2003. — ISBN 978-0-385-72157-8.
- Jenkins, Elizabeth. Elizabeth and Leicester. — The Phoenix Press, 2002 [1961]. — ISBN 978-1-84212-560-1.
- Haigh, Christopher. Elizabeth I. — 2. — Harlow: Longman Pearson, 2000. — ISBN 978-0-582-43754-8.
- Loades, David. Elizabeth I: The Golden Reign of Gloriana. — London: The National Archives, 2003. — ISBN 978-1-903365-43-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лізавета I
- Партрэты Цюдараў і Лізаветы. (англ.)
- Архіўныя матэрыялы пра Лізавету на the UK National Archives. (англ.)
- Працы Лізаветы і пра яе Архівавана 3 лістапада 2012.. (англ.)
- «Лізавета I Англійская — панна нацыі». «Эхо Москвы». (руск.)
- Лізавета I Цюдар. Электронная энцыклапедыя «Мир Шекспира». (руск.)
- Pages using the JsonConfig extension
- Каралі англійскія
- Каралі ірландскія
- Нарадзіліся 7 верасня
- Нарадзіліся ў 1533 годзе
- Нарадзіліся ў Грынвічы
- Памерлі 3 красавіка
- Памерлі ў 1603 годзе
- Памерлі ў Вялікім Лондане
- Пахаваныя ў Вэстмінстэрскім абацтве
- Цюдары
- Асобы
- Кіраўнікі XVI стагоддзя
- Кіраўнікі XVII стагоддзя
- Прэтэндэнты на трон Францыі
- Кіруючыя каралевы